МАЛІБДЭ́НАВЫЯ ЎГНАЕ́ННІ,
мінеральныя рэчывы, якія маюць малібдэн у даступным для раслін выглядзе; адзін з відаў мікраўгнаенняў. У раслінным арганізме малібдэн стымулюе біясінтэз нуклеінавых кіслот і бялкоў, павышае колькасць хларафілу і вітамінаў. Пры яго недахопе расліны хварэюць на асаблівы від плямістасці, не пладаносяць і гінуць. Найб. распаўсюджаным М.у. з’яўляецца малібдат амонію (NH4)2MoO4 — белая крышт. соль (мае 52% Мо), якая добра раствараецца ў вадзе. Выкарыстоўваюць на кіслых дзярнова-падзолістых глебах пераважна пад бабовыя (канюшыну, люцэрну), зернебабовыя (гарох, віку, боб) і тэхн. (цукр. буракі, лён) культуры, пад гародніну (капусту, салату, памідоры), а таксама для перадпасяўной апрацоўкі насення і пазакаранёвай падкормкі.
Р.У.Васілюк.
т. 10, с. 31
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)